Ад мысьленьня да мэдытацыі Я нарадзіўся ў краіне, у якой “мысьліць” можна было адно ў межах марксісцкай ідэалёгіі. Выйсьце за гэтыя межы моцна каралася. Але мне дужа карцела зазірнуць за небакрай… На другім курсе Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў прыбіральні Купалаўскага тэатру я сустрэўся вачыма з незвычайным чалавекам. Гэта быў Кім Хадзееў1. Неверагоднасьць сустрэчы была ў тым, што Кім мог мысьліць! Значна пазьней, пасьля Кімавай і Нацыянальнай акадэмій навук, мне аднойчы падумалася: а што такое мысьленьне?! Ці сапраўды яно бязьмежнае і ўнівэрсальнае? О, мой Бог! Канешне ж, не! Безумоўна, яно мае межы. І ня ёсьць унівэрсальным інструмэнтам (ключом ці “адмычкай” да ўсяго). І мне зноў захацелася зазірнуць за небакрай... Неяк мой сябра Валянцін Акудовіч напісаў (ці сказаў?), што мова падманвае. Гэта быў штуршок, які нагадаў мне пра маё жаданьне. Не, ня мова! Падманвае менавіта мысьленьне! Мова тут зусім ні пры чым; яна не самастойная. Яе самую можна падмануць. Як, дарэчы, і інтэлект. Яго можна прымусіць апраўдваць што заўгодна: хлусьню, зло ці глупствы. Ня буду тут дужа паглыбляцца ў пытаньне, як і чаму мысьленьне ўводзіць у зман. Скажу толькі, што мысьленьне й інтэлект ніколі не бываюць самастойнымі і самадастатковымі. Яны – сродак. А таму ўсё залежыць ад канстытуяванай намі мэты, сродкам дасягненьня якой тыя й робяцца.
Кім Хадзееў (1929 – 2001) – беларускі дысыдэнт, літаратар і філёзаф. Нарадзіўся ў Менску. Быў двойчы асуджаны і зьняволены. 1
“З 1960-х гадоў Хадзееў — культавая фігура мінскага інтэлектуальнага падполля, “гуру” мінскага андэграўнда. У аднапакаёвай кватэры К. Хадзеева… збіралася маладая інтэлектуальная эліта, многія станавіліся яго вучнямі, у т. л. вядомыя мастакі, музыканты, пісьменнікі, навукоўцы”. https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9A %D1%96%D0%BC_%D0%A5%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%B5%D1%9E