Віктар Гардзей Бедна басота РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1
Стары занудлівы бабёр нейкім дзесятым чуццём абнюхаў гэтую цудоўную балацявіну сярод густога мяшанага лесу і ўвосень, яшчэ па чарнатропе, задоўга да першага снегу, прывёў сюды, у глухую нетру, маладую і надзіва бесталковую бабрыху. Немалы час, ці не з самага свайго нараджэння, хітры і асцярожны лавелас з ільсністай ад тлушчу і амаль чорнай поўсцю жыў за вёрст пяць адсюль - на зарослай вербалозам і алешнікам віхлястай рэчцы Кудаха і меў там у канцы шырокай затокі высокую, двухпавярховую хатку, трывала скіданую з тонкага ламачча і з усіх бакоў старанна абмазаную глінай і рачным глеем, каб узімку праз шчыліны не гулялі скразнякі. На бяду, апошняе лета выдалася сухім і спякотным, Кудаха абмялела так, што бабрынае жытло апынулася на сушы, далёка ад вады. Устрывожаны зацяжной гарачынёй, калі ў затоцы прапалі нават белыя гарлачыкі, працавіты бабёр перастаў падгрызаць дрэвы і, абапёршыся на пляскаты лускаваты хвост, падоўгу праседжваў у кустах, быццам маліў свайго звярынага бога, каб той паслаў хоць кропельку дажджу. Маўклівая, самотная малітва, відаць, была пачута, бо пад восень сапраўды пайшлі частыя ліўні, якія паспелі да халадоў паправіць выгаралую траву на берагах лясной рэчкі. Сама Кудаха разлілася, як у веснавое разводдзе, высокая вада затапіла кармавыя норы, закрыла ўваходы ў хатку і зусім ужо нечакана ўшчэнт разбурыла трывалую запруду ў другім канцы затокі. У пабурэлым алешніку забулькаў акрыялы ў непагадзь ручай, які цёк ад вялікага і тлумнага людскога селішча, і вось якраз ён, гэты безназоўны ручай, дабавіў бабрынай пары і сямейных згрызот, і неспадзяваных клопатаў. Разам з тым, як у кустах пачуўся не па-асенняму вясёлы булькат, уся затока пакрылася каляровымі скалкамі, вада наскрозь прасмярдзела невядома якім паскудствам, а калі маладая і таму дужа гарэзлівая бабрыха неабачліва паплавала ўздоўж берага, то пушыстае, светла-бурае футра на ёй стала да непрыстойнасці злямчаным і брудным. Стары бабёр не разумеў, што ад вады ачмурэла патыхае бензінам і саляркай, але ён добра ведаў: смуроду на Кудаху прыгнала з блізкага селішча, і яшчэ бабру было дзіўна, навошта людзям спатрэбілася загнюшваць такі бруісты і заўсёды чысты ручай. У затоцы пасля слотных дажджоў хапіла б корму на ўсю доўгую зіму: наўсцяж берагоў пахістваўся раскідзістымі мяцёлкамі пажаўцелы трыснёг, густа рассыпаліся па вадзе выгоністыя асака і чарот, ды бяда ў тым, што карэнішча раслін таксама моцна тхнула брыдкім, незнаёмым дасюль пахам, таму пра зімовыя запасы нельга было і думаць, а будаваць новую запруду зусім перахацелася. Апанаваны трывогай, гаспадар бядовай хаткі пачаў шукаць якой-небудзь рады ад неспадзяванага ліха, і нервы ў яго канчаткова не вытрымалі, калі непаседлівая бабрыха з падводнага плавання аднойчы вярнулася запэцканая ў мазут, смярдзючая, сама не свая ад таго, што далікатная поўсць на ёй дзе склычана, дзе збіта проста на лямец. Як толькі сцямнела, знерваваны і злосны, нібы д'ябал, стары бабёр павёў неразумную свавольніцу далей ад праклятай затокі, і, на здзіўленне, чуючы дзесьці за людскім селішчам чыстую ваду, пайшоў ён уздоўж гнілога ручая, уверх па цячэнні. Не з бабрынымі кароткімі лапамі ды яшчэ ў суцэльнай цемры шлёпаць па гразі, пералазіць цераз купіны, тыцкацца мордамі ў калючыя стаўбуны ядлоўцу, аднак за ноч лясныя грызуны перайшлі балоцісты поплаў, ужо ў самім селішчы ўплаў адолелі вялікую сажалку і на досвітку апынуліся ў