Хоць i небылiца казка

Page 1

Серыя “Промні ліхтарыка”

Казкi-падказкi \

2015 год 1


Серыя “Промні ліхтарыка”

Творчасць вучняў 2 “А” класа – удзельнікаў гуртка “Ліхтарык” Кіраўнік Грынь Р.В. 2015 год 2


Хоць i небылiца казка, Яна – мудрая падказка: У сумленнi ўсiм жыць, Добрай справай даражыць.

3


Пятроўская Ксеня

Залаты певень

У адной вёсцы жылі-былі дзед і баба. З гаспадаркі быў у іх толькі адзін певень. Але незвычайны певень. Як толькі садзілася сонца, ён рабіўся залатым. Вечарам не трэба было запальваць святло – ад пеўніка ўсё навокал асвячалася як днём! Старыя вельмі даражылі ім, нікуды з двара не пускалі. Але цікаўнаму пеўню так хацелася даведацца, што там - за межамі іх двара? Аднойчы ён не вытрымаў і, пераляцеўшы праз плот, апынуўся ў чужым садзе. Пеўнік натрапіў на дзялянку бобу і пачаў яго дзяўбсці. Раптам з хаты выйшаў гаспадар таго саду. Убачыў пеўня і ўзрадаваўся: - А вось і сняданак сам да нас прыйшоў! Ён жа не ведаў, што перад ім незвычайная птушка. - Не ешце мяне! – папрасіў пеўнік. - Я ж не просты певень, а залаты! Дачакайцеся вечара і самі пабачыце. - Вельмі ж доўга чакаць, - адказаў гаспадар і толькі хацеў ухапіць пеўня за хвост, як у двор забеглі дзед і баба. Яны ўжо збіліся з ног, шукаючы свайго цікаўнага сябра. Ледзь адкупіліся старыя ад скупога суседа. За з’едзены пеўнікам боб прынеслі яму аж цэлы мех мукі. А пеўнік атрымаў ад дзеда такі наказ: “Калі не будзеш слухацца старэйшых, трапіш у чыгунок, мілейшы!” 4


Чалей Вадзім

Незадачлiвы рыбак

Я заўсёды марыў мець чацвераногага сябра. І вось аднойчы мне падарылі кацяня. Спінка ў коціка была чорная, а жывоцік – белы. Я назваў яго Мурзікам. Мурзік хутка падрос. Быў ён шустры, гарэзлівы і вельмі хітры. Аднаго разу мы з татам узялі вуды і адправіліся на рыбалку. Мурзік увязаўся за намі. На рэчцы мы з татам закінулі вуды і сталі чакаць улова. Мурзік бегаў па беразе ракі – ганяўся за матылькамі і стракозамі. Хутка на кручок трапіла першая рыбка. Мурзік пакінуў свой занятак і зацікавіўся ўловам. Ён хадзіў вакол вядзёрка і спрабаваў лапай дастаць рыбку. Мурзік не супакоіўся, пакуль не атрымаў свой пачастунак. Рыба лавілася добра. Нядрэнна перапала Мурзіку ад нашага ўлову. Мы ўсе задаволеныя вярнуліся дадому. А на другі дзень наш Мурзік прапаў. Ні раніцай, ні ў абед яго нідзе не было відаць. Я ўстрывожыўся, пачаў шукаць, зваць Мурзіка. Усё дарэмна! І тут я здагадаўся, дзе шукаць свайго сябра! Так і ёсць! Мурзік сядзеў на беразе ракі і пільна ўглядаўся ў ваду. Чакаў, пакуль рыбка сама прыплыве да яго і скажа: “З’еш мяне, калі ласка!” Не ведаў бедалага народную прымаўку: “Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца!”

5


Аўсяпян Наста

У сваiм краю, як у раю

Жыў-быў хлопчык Коля са сваімі бацькамі ў старэнькай хаце. Сям’я не мела асаблівага багацця, толькі самае неабходнае. І была ў хлопчыка адзіная мара – жыць у вялікім прыгожым замку. Пайшоў Коля да чараўніка. Хоць і боязна было: бо чуў ад людзей, што той быў злым. Але Коля лічыў, што толькі чараўнік дапаможа яго мары збыцца. Чараўнік згадзіўся дапамагчы хлопчыку, але з адной умовай: - Ты будзеш жыць у вялікім прыгожым замку ў раскошы і багацці, але ніколі больш не ўбачыш свой край, сваіх родных. Коля згадзіўся. І ў той жа час апынуўся ў незнаёмым месцы, а перад ім вырас цудоўны замак, куды яго прыветліва зарашалі ўвайсці ліслівыя слугі. Спачатку Коля быў вельмі шчаслівы. Але потым з кожным днём ён станавіўся ўсё больш сумным. Багацце і раскоша перасталі радаваць Колю. Настаў момант, калі ён аддаў бы ўсё, што мае, за магчымасць хоць на хвілінку ўбачыць сваю старэнькую хатку, сваіх бацькоў…

6


Ён так і зрабіў: ускінуў за плечы торбачку з хлебам і пайшоў шукаць свой родны край. Доўга ён хадзіў па беламу свету, а дарогі дадому не знайшоў. У роспачы хлопчык заплакаў. Раптам яго вочы асляпіла незвычайным святлом. І перад Колем з’явіўся маленькі чалавечак, падобны на гнома. Ён абняў хлопчыка і сказаў: - Паслухай маю параду: каб твая мара збылася, і пры гэтым ты быў бы шчаслівым, не спадзявайся на чараўніка. Трэба самаму старанна вучыцца і шмат працаваць. Святло патухла, незвычайны чалавечак знік. А перад Колем з’явілася знаёмая сцяжынка да роднай хаты. І не было ў той час больш шчаслівага чалавека на свеце, чым хлопчык Коля. Ён выканаў наказ добрага чалавека і дабіўся ў жыцці ўсяго, аб чым марыў. Толькі сваёй працай шчасця дабудзеш!

7


Даўгель Вольга

Кавунiшка- хвастунiшка

У нейкім царстве, кавуновым гасударстве жыў маленькі паласаценькі кавун. Ён лічыў сябе самым разумным сярод усіх кавуноў. Калі здаралася якая спрэчка, ён надуваў шчокі і важна казаў: - Што з вамі спрачацца, куды вам да мяне! Вось пайду хутка ў школу, тады вы ўсе пабачыце, які я разумны і кемлівы! І вось кавун – хвастунішка стаў школьнікам. На ўроку ён сядзеў вельмі важны і так раздуваў свае шчокі, што ледзь не лопнуў. А калі настаўніца папрасіла яго расказаць урок, то разгубіўся, не змог нічога адказаць і атрымаў двойку. Дома бацька спытаў, якую адзнаку ён атрымаў. Сорамна стала маленькаму кавуну. Ён апусціў вочы і паказаў дзённік. Бацька сказаў: - Калі хочаш быць разумным, не хваліся, а старайся і вучыся. На наступны дзень кавун вельмі ўважліва слухаў настаўніцу, прылежна выконваў усе заданні на ўроку і атрымаў дзесятку! Усе чакалі, што хвастунішка зноў пачне важнічаць, але гэтага не здарылася. Тады самы лепшы вучань класа сказаў: - Маладзец, малы! Запомні: не хвалі сябе сам, хай лепш цябе людзі пахваляць. 8


Франкова Ульяна

У страху вочы вялiкiя

Аднойчы гуляў заяц у лесе і раптам пачуў за кустом шорах. Асцярожна падыйшоў ён да куста, каб паглядзець, што там. Нікога не заўважыў, але чуйныя заячыя вушы ўлавілі падазроны шорах. Задражаў зайка: “Не іначай, там ліса хаваецца, каб з’есці мяне”, - падумаў ён. Зайка так спужаўся, што замест таго, каб кінуцца наўцёк, прыхіліўся да зямлі, заплюшчыў вочы – так і застыў. У гэты ж час з другога боку куста таксама ад страху скруціўся ў клубок вожык. Прайшло каля гадзіны. У абодвух страх змяніўся цікаўнасцю, і яны пачалі патроху перамяшчацца вакол куста насустрач адзін другому. Нарэшце нашы “героі” сутыкнуліся паміж сабой. Са страху адскочылі ў розныя бакі, потым аглядзеліся і зарагаталі разам. Вось так бывае! У страху вочы вялікія!

9


Мельнік Андрэй

Касалапы

Жыў-быў мядзведзь па мянушцы Касалапы. Кожны дзень ён хадзіў па лесе ў пошуках мёду. Вельмі ж любіў яго Касалапы, але дзе ж ты набярэшся таго мёду? І вось аднойчы, блукаючы па лесе, ён пачуў знаёмы гул. “Пчолы!” – здагадаўся мядзведзь і сапраўды натыкнуўся на дрэва, дзе жылі пчолы. Касалапы быў культурным і выхаваным мядзведзем. Таму ветліва папрасіў: - Паважаныя пчолы, а не маглі б вы мне даць крышачку мёду? Уперад вылецела сама Каралева Пчала і сказала: - Паглядзі, Касалапы, наша дрэва засыхае. Нанасі вады, палі яго – і будзе табе мёд. Хоць і ленаваты быў Касалапы, але адразу ж узяўся за справу, бо ведаў прымаўку: “Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы”. Ён добра паліў дрэва, якое адразу ж павесялела і зашумацела лісточкамі. А Каралева Пчала вынесла Касалапаму поўнае вядзерка мёду. Каб вы ведалі, якім жа смачным быў той мёд! 10


Мініна Варвара

Нечаканая сустрэча

У адной вёсцы жылі-былі бабуля з дзядулем. І была ў іх унучка Аленка. Дзяўчынка расла вельмі добрай і працавітай. Аднойчы Аленка пайшла ў лес па суніцы. Доўга яна хадзіла па лесе, змарылася, нарэшце прысела на палянцы крыху адпачыць і паесці. Тут яна ўбачыла бабульку. Бабуля выглядала дужа зморанай. Яна сказала, што заблудзілася і блукае па лесе ўжо некалькі дзён. Старая папрасіла даць ёй ежы і піць. Дзяўчынка аддала ёй усё, што брала з сабою, і вывела на дарогу. Бабуля раптам знікла, як і не бывала! Аленка аглянулася і ўбачыла вакол сябе шмат спелых духмяных суніц. Дзяўчынка здзівілася: адкуль узялося столькі ягад? І тут аднекуль здалёк пачуўся голас: “Добрую справу падзяка заўсёды знойдзе!” Аленка назбірала шмат ягад і шчаслівая вярнулася дадому.

11


Паляшчук Яна

Запас бяды не чынiць

Жылі-былі двое сяброў - вожык і зайка. Вожык быў працавітым гаспадаром, а зайка – гультай. Аднойчы летам пайшоў вожык збіраць грыбы і ягады. Насустрач яму выбег зайка: - Што ты, вожык, робіш? – пытае. - Грыбы і ягады на зіму збіраю! – адказаў вожык, - Можа і ты мне дапаможаш? - Ну і здзівіў ты мяне: такое добрае надвор’е, а ты пра зіму думаеш! – усміхнуўся зайка, Няма калі мне абы чым займацца, паскачу лепш далей шукаць розныя цікавыя прыгоды! Надыйшла зіма. Холадна і голадна стала ў лесе. Прыскакаў зайка да вожыкавай хаткі і стаў прасіць: - Ратуй, сябар! Голадна мне, няма чаго есці! - Захадзі, зайка, я цябе накармлю, - адказаў вожык. Ён запрасіў сябра ў дом і пачаставаў сваімі прыпасамі. Сорамна стала зайку, што летам не дапамог вожыку, а толькі пасмяяўся з яго. Цяпер ён зразумеў, што запас бяды не чыніць! 12


Лыціна Эвеліна

Цѐплы падарунак

У вёсцы Юркі жыла - была васьмігадовая дзяўчынка Маруся. Як і ўсе яе сяброўкі, яна наведвала вясковую школу. Аднойчы раніцай па дарозе ў школу яна пачула жаласны піск. Дзяўчынка пайшла на голас і неўзабаве ўбачыла маленькага ягня, які трапіў у глыбокую канаву і не мог адтуль выбрацца. Дзяўчынка сама не змагла дапамагчы ягняці. К таму ж яна вельмі спяшалася, каб не спазніцца на ўрок. Як быць? Маруся разумела, што ягня можа ўтапіцца ў канаве. Яна хуценька пабегла да бліжэйшай хаты за дапамогай. У хаце жылі дзед Васіль з бабкай Дусяй. Старыя выслухалі дзяўчынку і паспяшылі да канавы ратаваць бедную жывёлу. Маруся ўпэўнілася, што ягнятка выратавана, і толькі тады пабегла ў школу. Яна расказала настаўніцы, чаму спазнілася. Валянціна Аляксандраўна не стала сварыцца на дзяўчынку за спазненне, а перад усім класам пахваліла яе за добры ўчынак. А ўвечары, заглянуўшы ў свой заплечнік, каб дастаць падручнікі, дзяўчынка знайшла там прыгожыя цёплыя сподачкі з авечай воўны. Яна здагадалася, што гэта падарунак ад ягня. Так і было! Хочаце верце, хочаце – не!

13


Качан Паліна

Сябары спазнаюцца ў бядзе

У адным двары жыў-быў малы коцік Кузя. Ён марыў знайсці cабе сябра. З гэтай мэтай Кузя падходзіў да розных жыхароў двара: да парсючка, да ката Ваські, да пеўня. Але парсючок толькі незадаволена фыркнуў. Кот зашыпеў і ўдарыў кацяня лапай. Певень пагнаўся за ім, каб дзеўбануць. Кузя ледзь уцёк ад грознай птушкі. Застаўся толькі суседскі сабака Шарык. Але Кузя вельмі баяўся яго. Аднойчы кацяня гуляла па двары і сустрэла Шарыка. Ад страху яно залезла на высокае дрэва. - Гаў! Гаў! – сказаў Шарык, - Злазь, не бойся, будзем з табой сябраваць. Кацяня ўзрадавалася, што хтосьці нарэшце захацеў стаць яго сябрам, але як злезці з такога высокага дрэва? Боязна! Шарык паклікаў на дапамогу свайго гаспадара – хлопчыка Сашу. Саша залез на дрэва і дапамог спусціцца катку. З таго часу кацяня Кузя і сабака Шарык пасябравалі.

14


Бабіцкі Іван

Гультай

Жыла на свеце адна жанчына. Было ў яе два сыны: працавіты і гультай. Працавіты сын ва ўсім дапамагаў мацеры, а гультай толькі ляжаў на пячы. Аднойчы маці вырашыла напекчы пірагоў. Яна папрасіла сыноў дапамагчы ёй: дроў накалоць, вады прынесці. Гультай толькі перакруціўся на другі бок, ды с печы не злез. А працавіты сын дапамог мацеры ўсё зрабіць. Вось і пірагі спякліся. Села маці за стол і пазвала працавітага сына пірагі есці. А гультаю сказала, што яму пірагоў не будзе: - Хочаш есці калачы – дык не ляжы на пячы! Сорамна і крыўдна стала гультаю. Але гэта паслужыла яму добрым урокам. С той пары яго як падмянілі: стаў добра працаваць, дапамагаць маці ва ўсім. І сталі яны жыць весела і працаваць разам.

15


Качан Карына

Не сiлай, дык розумам

Жыў-быў аловак жоўтага колеру. Ён вельмі любіў маляваць сонца і жоўтыя кветкі. Аднойчы аловак ляжаў на стале і думаў, што яму яшчэ намаляваць? Раптам з чорнай дзіркі вылезла шэрая мыш. Залезла на стол, каб знайсці, чым пажывіцца. Убачыла аловак, ухваціла яго і пацягнула да сябе ў норку. Заплакаў аловак і стаў прасіць мышку дазволіць яму апошні раз намаляваць сонейка. Мыш пагадзілася. А аловак быў вельмі хітры і кемлівы. Ён намаляваў вялікую рыжую котку. Мыш спужалася, кінула аловак – і ўцякаць. Толькі яе і бачылі. З таго часу мышка больш не прыходзіла ў дом.

16


Шутко Наста

Два дрэвы

Даўно гэта было. Недалёка ад лесу на высокім узгорку раслі два дрэвы. Яны былі прыгожыя, высокія, раскідзістыя. Людзям вельмі падабалася гуляць на гэтым узгорку і любавацца прыгажосцю прыроды. Калі ішоў дождж або горача свяціла сонейка, можна было ўкрыцца пад дрэвамі. Аднойчы наляцелі хмары, падняўся моцны вецер, пачаўся лівень. Грымеў гром, бліскала маланка. Хутка навальніца скончылася. На небе засвяціла сонейка. А на ўзгорку ляжала адно з дрэў, зламанае ўраганам. Шкада было людзям дрэва, ды што зробіш? Яны вырашылі даць яму новае жыццё і змайстравалі з яго лавачку. Паставілі гэту лавачку пад другім дрэвам. З таго часу так і жывуць побач два дрэвы. Яны па-ранейшаму прыносяць радасць людзям. Калі разумна адносіцца да прыроды, яна аддзякуе дабром.

17


Таранаў Мацвей

Тарапыга

Адзін хлопчык заўсёды кудысьці спяшаўся. Ён хацеў як мага больш зрабіць спраў за дзень: пагуляць з сябрамі ў футбол, пасядзець за камп’ютарам, наведаць сябра і шмат чаго яшчэ… Але да таго ж трэба было вучыцца ў школе, рабіць дома ўрокі. Як жа ўсё паспець зрабіць? Вось прыбег ён са школы дамоў. Абы як зрабіў урокі, бо старацца не было калі. А на наступны дзень атрымаў двойку. Ішоў ён дадому і плакаў, бо ведаў: дастанецца ад бацькоў! Яго прыпыніла бабуля, якая ішла насустрач. - Чаго ты, хлопчык, плачаш? Ён і расказаў бабулі пра сваю бяду. - На табе чароўную ручку, - кажа старая. - З ёй ты будзеш заўсёды атрымліваць добрыя адзнакі. Але ёсць адна ўмова: пісаць гэтай ручкай трэба павольна, не спяшаючыся. Хлопчык падзякаваў, прыйшоў дамоў і зрабіў так, як казала бабуля. На наступны дзень ён атрымаў добрую адзнаку. Нездарма ж кажуць: паспяшай павольна! 18


Касцюкевіч Вольга

Сябры

\ У адным горадзе, у маленькіх хатках жылі коцік Мурзік і сабака Шарык. Яны ўжо шмат часу сябравалі. Але аднойчы сябры пасварыліся. - Ты больш мне не сябар! – сказаў Мурзік. - І ты мне таксама, - адказаў Шарык. Пайшоў Мурзік на вуліцу шукаць сабе новых сяброў. Неўзабаве ён пазнаёміўся з кампаніяй бяздомных катоў. З імі было вельмі весела. Каты рабілі, што хацелі, не хадзілі ў школу, былі бруднымі і бестурботнымі. Спачатку Мурзіку падабалася быць з новымі сябрамі. Але хутка ён зразумеў, што лепш трымацца далей ад іх. Шарык заўсёды ўмеў суцешыць, дапамагчы, даць добрую параду. А каты толькі смяяліся з яго і зневажалі. Мурзік пайшоў да Шарыка, папрасіў у яго прабачэння і прапанаваў зноў сябраваць. Шарык з радасцю згадзіўся, бо стары сябар лепш за новых двух.

19


Капыток Ягор

Пеўнiк

У хлопчыка Ягора жыў пеўнік. Ён быў вельмі галасісты. Кожную раніцу будзіў гаспадара сваім спевам. Ягор хутка ўставаў з ложка і прынімаўся за справы. Пакуль хтосьці яшчэ спіць, ён ужо пераробіць усю хатнюю працу і ідзе ў школу. Яго гаспадарка была заўсёды ў парадку. Калі ў Ягора пыталіся, як ён усё паспявае, то ён адказваў: “ Хто рана ўстае, таму бог дае!” Аднойчы хлопчык вярнуўся са школы і не знайшоў свайго пеўніка. Ён заўважыў, што з двара вялі лісіныя сляды. Ягор кінуўся да лесу. На дарозе дзе-нідзе ляжала петушынае пер’е. Хутка ён пачуў моцны крык. Пабег на голас і ўбачыў рыжую зладзейку, якая ўжо збіралася паснедаць пеўнікам. Хлопчык ухваціў пеўніка, а лісе прыгразіў, што калі яна яшчэ раз паспрабуе ўкрасці яго сябра, то развітаецца са сваім футрам. Ліса зразумела, што з Ягорам жарты дрэнныя, і пабегла шукаць спажыву ў іншым месцы. Вось так: на чужое не зарся!

20


Змест Пятроўская Ксеня Залаты певень Чалей Вадзім Незадачлівы рыбак Аўсяпян Наста У сваім краю, як у раю Даўгель Вольга Кавунішка – хвастунішка Франкова Ульяна У страху вочы вялікія Мельнік Андрэй Касалапы Мініна Варвара Нечаканая сустрэча Паляшчук Яна Запас бяды не чыніць Лыціна Эвяліна Цёплы падарунак Качан Паліна Сябры спазнаюцца ў бядзе Бабіцкі Іван Гультай Качан Карына Не сілай, а розумам Шутко Наста Два дрэвы Таранаў Мацвей Тарапыга Касцюкевіч Вольга Сябры Капыток Ягор Пеўнік 21

с. 3 с. 4 с. 5 с. 7 с. 8 с. 9 с. 10 с. 11 с. 12 с. 13 с. 14 с. 15 с. 16 с. 17 с. 18 с. 19


Turn static files into dynamic content formats.

Create a flipbook
Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.